ПА́ЛІЎНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

сукупнасць галін прамысловасці, занятых здабычай і перапрацоўкай мінеральнага паліва; частка паліўна-энергетычнага комплексу. Уключае нафтаздабыўную, нафтаперапрацоўчую, газавую, вугальную, тарфяную і сланцавую прамысловасці (гл. адпаведныя артыкулы).

П.п. сфарміравалася як галіна цяжкай прамысловасці ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў выніку індустр. асваення запасаў карысных выкапняў (вугалю, нафты, прыроднага газу). Да сярэдзіны 20 ст. асн. яе галіной была вугальная прамысловасць. З сярэдзіны 1950-х г. паскорана развіваюцца нафтавая і газавая прамысловасць. На развіццё П.п. паўплывалі сусветныя энергет. крызісы 1973—74 і 1979—80-х г. Рост цэн на нафту абумовіў павелічэнне здабычы вугалю. гаручых сланцаў і торфу.

У агульнай здабычы нафты першыя месцы займаюць краіны Б. і Сярэдняга Усходу; у лік лідэраў уваходзяць Расія, ЗША, Саудаўская Аравія, Іран, Кітай, Мексіка, Венесуэла. Па ўзроўні здабычы прыроднага газу вылучаюцца Расія, ЗША, Канада, Нідэрланды, Вялікабрытанія, Нарвегія. Асн. частка здабычы вугалю прыпадае на Кітай, ЗША, Расію, Германію, Аўстралію, Паўд.-Афр. Рэспубліку; торфу — на Расію, Ірландыю, Беларусь, Германію і Фінляндыю.

На Беларусі прадукцыя П.п. ў 1999 склала 13 млн. т умоўнага паліва. Здабыча нафты на Беларусі вядзецца з 1965. У эксплуатацыі знаходзяцца 37 радовішчаў; найбуйнейшыя з іх — Рэчыцкае, Асташкавіцкае, Вішанскае, Заходне-Цішкаўскае, Паўднёва-Асташкавіцкае. Макс. аб’ём здабычы нафты дасягнуты ў 1975 (7953 тыс. т); потым ён паступова скарачаўся і з 1984 стабілізаваўся ў межах 2 млн. т. У працэсе здабычы нафты вядзецца адбор спадарожнага газу (у 1999—255,8 млн. м³). Перапрацоўка нафты ажыццяўляецца ў Наваполацкім вытворчым аб’яднанні «Нафтан» і на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе; іх сумарная магутнасць перавышае 40 млн. т за год. Прамысл. здабыча торфу на Беларусі вядзецца з 1896. У перыяд актыўнай распрацоўкі радовішчаў колькасць торфапрадпрыемстваў дасягала 200, у выніку скарачэння запасаў знізілася да 37. Наступную перапрацоўку ў торфабрыкеты ажыццяўляюць 32 прадпрыемствы. Больш за 50% торфу здабываецца ў Мінскай і Гомельскай абласцях.

А.​А.​Пінчук.

Здабыча паліва па відах на Беларусі
Нафта (уключаючы газавы кандэнсат), млн. т Газ натуральны, млн. м³ Паліўны торф (умоўнай вільготнасці), млн. т
1980 2,6 320 4,9
1985 2,0 224 4,8
1990 2,1 297 3,4
1995 1,9 266 3,1
1998 1,8 252 2,0

т. 12, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)